Мэтаю АДС з’яўляецца свабодная і квітнеючая Беларусь.
Неабходнымі ўмовамі свабоды і дабрабыту з’яўляюцца: • захаванне правоў і свабодаў грамадзян, • палітычная і эканамічная незалежнасць, • дэмакратычная сістэма кіравання, • сацыяльна арыентаваная рынкавая эканоміка, • міжнародная адкрытасць.
Перамены ў Беларусі непазбежныя. Яны могуць прайсці ў кірунку крызісу і пагаршэння сацыяльна-эканамічнага становішча ўсіх катэгорый насельніцтва Беларусі або прайсці эвалюцыйным шляхам у кірунку дэмакратызацыі на аснове ўзгодненых дзеянняў дэмакратычных сіл і ўлады. Мы прапануем грамадству і ўладзе менавіта другі варыянт. Яго рэалізацыя забяспечыць тыя неабходныя сацыяльныя гарантыі, што з’яўляюцца абавязковай умовай пры правядзенні любых палітычных і эканамічных рэформаў і створыць новыя магчымасці для ўсіх грамадзян. Гэты шлях забяспечыць сацыяльны мір, гарантуючы захаванне правоў і свабодаў, у тым ліку правоў на ўласнасць, на свабоду сумлення і адсутнасць пераследу па палітычных матывах.
Правядзенне свабодных выбараў — неабходны крок да рэалізацыі мэтаў АДС. Выбары адкрыюць шлях да наспелых пераўтварэнняў без сацыяльных катастроф. Сваёй стратэгічнай задачай на бліжэйшы перыяд АДС лічаць ініцыяванне свабодных (з выкананнем патрабаванняў АБСЕ) выбараў у Беларусі.
У якасці першага кроку да свабодных выбараў у краіне АДС прапануюць уладзе пачаць канструктыўны дыялог з вядучымі палітычнымі і грамадскімі сіламі Беларусі. АДС лічаць, што шляхам перамоваў можна дасягнуць кансалідацыі ўсіх здаровых сіл беларускага грамадства, неабходнай для захавання сацыяльнага спакою і вырашэння праблем, якія існуюць у краіне. Умовай, якая пацвердзіць гатоўнасць улады да ўзаемнага супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі, з’яўляецца вызваленне ўсіх палітзняволеных.
1. СЯМ’Я Й ЗДАРОЎЕ Беларусь перажывае небясьпечны крызыс сям’і. Нараджальнасьць зьніжаецца, расьце колькасьць няпоўных сем’яў і дзяцей, кінутых бацькамі. Усё гэта нэгатыўна адбіваецца на здароўі нацыі. За апошнія дванаццаць гадоў насельніцтва скарацілася на 460 тысячаў чалавек. Колькасьць здаровых дзяцей за 20 гадоў скарацілася з 60% да 30%, а доля дзяцей, якія маюць хранічную паталёгію, павялічылася зь 10% да 22%.
Нашыя дзеяньні: – адрасная дапамога сем’ям: пры нараджэньні дзіцяці сям’і выплачваецца 5 мільёнаў рублёў. Пры нараджэньні другога дзіцяці прадастаўляецца беспрацэнтны крэдыт на 25 гадоў на набыцьцё жыльля; – штомесячная даплата на кожнае дзіця да 16 гадоў у памеры 10% спажывецкага бюджэту; – дзяржаўная падтрымка будаўніцтва жыльля сем’ям, якія ня могуць яго набыць самі; – падтрымка праектаў аздараўленьня й лячэньня людзей, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай катастрофы; – прадухіленьне распаўсюджваньня алькагалізму й наркаманіі, падтрымка дзіцячага й масавага спорту; – адмена падаткаабкладаньня даходаў у межах мінімальнага заробку, недапушчэньне росту камунальных плацяжоў без адпаведнага росту даходаў; – захаваньне даступнай бясплатнай медыцыны, разьвіццё страхавой, прыватнай і грамадзкай формаў мэдыцынскай дапамогі. Стварэньне інстытуту сямейных урачоў.
У прапанаваным праекце Планава-аналітычная група фармулюе мэты, задачы і стратэгічныя прынцыпы для Аб’яднаных дэмакратычных сіл на перыяд, абмежаваны будучымі выбарамі. Гэта не абавязкова павінны быць парламенцкія выбары 2008 года. Гэта мусяць быць першыя выбары, у арганізацыі якіх будуць улічаны патрабаванні іншых грамадскіх і палітычных сіл, акрамя цяперашняй улады, а таксама патрабаванні міжнароднай супольнасці, сфармуляваныя ў вядомых «чатырох пунктах АБСЕ». Праект зыходзіць з таго, што ў Беларусі існуюць арганізаваныя грамадскія і палітычныя сілы, якія імкнуцца да дэмакратычных зменаў і падзяляюць агульныя мэты, незалежна ад сваіх палітычных платформаў і арганізацыйных прынцыпаў.
Праект выкладае агульныя прынцыпы стратэгіі і не змяшчае падрабязных планаў дзеянняў. Мы зыходзім з таго, што Стратэгія з’яўляецца адкрытым дакументам, пасланнем дэмакратычных сіл грамадству з прапановай мадэлі выхаду з тупіка, у які ўсё далей заводзіць Беларусь цяперашняя ўлада. Разам з прапановай эканамічных і канстытуцыйных рэформаў Стратэгія з’яўляецца той альтэрнатывай, якую мы сёння прапануем грамадству.